НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,

горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс. ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц. т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л. ун-т.

Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз. Горкі.

З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх. А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх. А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-ра драмы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпер маст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.

Літ.:

Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;

Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.

Т.Р.Мартыненка (архітэктура).

Ніжні Ноўгарад. Архангельскі сабор. 1624—31.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)